УЗБУЙНЕ́ННЕ БССР,

тэрмін, які ў сав. гістарыяграфіі азначаў уключэнне ў 1924 і 1926 у склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР) тэрыторый з большасцю бел. насельніцтва. У сучаснай бел. гістарыяграфіі выкарыстоўваецца тэрмін «вяртанне ўсходне-беларускіх тэрыторый».

1-е ўзбуйненне БССР. Пасля заканчэння польска-сав. вайны 1919—20 (гл. Савецка-польская вайна 1920) у склад БССР, абвешчанай 31.7.1920, уваходзілі толькі 6 няпоўных паветаў Мінскай губ.: Бабруйскі, Барысаўскі, Мазырскі, Чэрвеньскі, частка Мінскага і Слуцкага. Тэр. БССР складала 52 398 км², на ёй пражывала каля 1,5 млн. чал. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 Гродзенская, амаль палова Мінскай і бел. паветы Віленскай губ. адышлі да Польшчы. Яшчэ раней, у 1919, ЦК РКП(б) уключыў з ваенна-паліт. меркаванняў у склад РСФСР Магілёўскую і Віцебскую губ. У вер. 1922 кіраўніцтва Беларусі атрымала ад ЦК РКП(б) дазвол на афіц. абмеркаванне ў парт. і сав. органах пытання пра вяртанне ўсх. бел. зямель. У ліст. 1923 ЦК РКП(б) прыняў пастанову аб перадачы БССР роднасных у бытавых, гасп. і этнічных адносінах паветаў сумежных губерняў. 3.3.1924 Прэзідыум ВЦВК прыняў пастанову «Аб перадачы БССР раёнаў з пераважна беларускім насельніцтвам», паводле якой да БССР адыходзілі са складу Віцебскай губ. па граніцах былога адм.-тэр. падзелу Аршанскі, Віцебскі, Гарадоцкі, Дрысенскі, Лепельскі, Полацкі, Сенненскі і Суражскі пав.; са складу Гомельскай губ. — Быхаўскі, Клімавіцкі, Магілёўскі, Рагачоўскі, Чавускі і Чэрыкаўскі пав., Даманавіцкая, Дзярновіцкая, Дудзіцкая (са ст. Калінкавічы), Карпавіцкая, Крукавіцкая (Савіцкая), Мухаедаўская, Нараўлянская вол., часткі Аўцюкоўскай, Юравіцкай, Якімаваслабодскай вал.; са складу Смаленскай губ. — Горацкі пав., Казіміраваслабодская, Старасельская, Шамаўская вол., часткі Аслянскай, Бохацкай і Соенскай вал. Мсціслаўскага пав. з г. Мсціслаў. Для вырашэння арганізац. і паліт. пытанняў, звязаных з У. БССР, было ўтворана Часовае Беларускае бюро ЦК РКП(б). У. БССР аформіў надзвычайны 6-ы Усебел. з’езд Саветаў (13—16.3.1924). У выніку вяртання ўсх. раёнаў тэр. Сав. Беларусі павялічылася больш чым у 2 разы і склала 110 584 км. Колькасць насельніцтва дасягнула 4,2 млн. чал., сярод яго ўласна беларусы складалі 70,4%. Але гэтае ўзбуйненне толькі часткова вырашыла пытанне аб граніцах БССР, бо па-за межамі рэспублікі засталіся значныя бел. тэрыторыі.

2-е ўзбуйненне БССР. У сувязі з тым, што пытанне аб граніцах БССР не было вырашана канчаткова, ЦК КП(б)Б у маі 1926 паставіў у ЦК ВКП(б) пытанне пра далучэнне да БССР 3 паветаў Віцебскай і астатняй часткі Гомельскай губ. 18.11.1926 Палітбюро ЦК ВКП(б) пастанавіла ўключыць у склад Беларусі Гомельскі і Рэчыцкі пав. Гомельскай губ.; 3 паветы б. Віцебскай і 4 паветы б. Чарнігаўскай губ. заставаліся ў складзе РСФСР. 6.12.1926 Прэзідыум ВЦВК прыняў пастанову пра скасаванне Гомельскай губ. і далучэнне Гомельскага і Рэчыцкага пав. да БССР. На падставе гэтай пастановы 8.12.1926 Прэзідыум ЦВК БССР уключыў названыя паветы ў склад Беларусі, перайменаваў іх у акругі, а воласці — у раёны. У выніку 2-га У. БССР тэр. рэспублікі павялічылася яшчэ на 15 727 км, а насельніцтва — на 649 тыс. чал. На пач. 1927 тэр. БССР склала 125 950 км² з насельніцтвам каля 5 млн. чал., 80% з якіх складалі беларусы. Нягледзячы на складаныя ўнутр. і знешнія паліт. абставіны, у якіх адбывалася У. БССР, вяртанне ўсх.-бел. тэрыторый у склад БССР у цэлым значна ўзмацніла эканам. базу Сав. Беларусі, стварыла новыя магчымасці для далейшага гасп. і сац.-культ. развіцця рэспублікі, павялічыла міжнар. аўтарытэт БССР, садзейнічала кансалідацыі бел. нацыі.

С.​М.​Хоміч.

т. 16, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)